ГЛАВНАЯ
НОВОСТИ
БИОГРАФИЯ
ГАЛЕРЕЯ КАРТИН
СОЧИНЕНИЯ
БЛИЗКИЕ
ТВОРЧЕСТВО
ФИЛЬМЫ
МУЗЕИ
КРУПНЫЕ РАБОТЫ
ПУБЛИКАЦИИ
ФОТО
ССЫЛКИ ГРУППА ВКОНТАКТЕ СТАТЬИ

Главная / Публикации / «Шагаловский сборник. Выпуск 4»

І. Ківель. «Паэзія вяртання: лірьїка Марка Шагала у перакладах Рыгора Барадуліна»1

Матэрыял гэтага артыкула меркаваўся як літаратуразнаўчыя нататкі пра майстэрства паэтычнага перакладу, але міжволі ў яго ўлучаецца і мемарыяльная тэма. Нялітасцівы лёс цягам літаральна трох апошніх месяцаў забраў з гэтага жыцця двух перакладчыкаў і паэтаў, кожны з якіх па-свойму спрычыніўся да вяртання Марка Шагала-лірыка да вытокаў яго паэзіі. Рыгор Барадулін і Давід Сімановіч не проста пераклалі, яны са-тварылі паэзію Шагала, далі яго слову новае жыццё «ў цёплым космасе незабытай бацькаўшчыны» Давід Сімановіч неаднойчы пісаў пра барадулінскія пераклады вершаў знакамітага мастака, у тым ліку — на старонках «Шагалаўскага зборніка», Барадулін жа шчыра і ўдзячна выказваўся пра літаратурную і падзвіжніцкую працу віцебскага сябра і калегі2. І да сёння перагукваюцца яны — і сваімі, і Шагалавымі словамі, рытмамі і рыфмамі.

Варта зазначыць, што Рыгор Барадулін прызнаваў першапраходніцтва Сімановіча ў справе перакладу паэзіі Марка Шагала і часта абапіраўся на рускамоўныя версіі калегі. Сам Барадулін не настолькі дасканала ведаў ідыш, таму быў удзячны і Давіду Сімановічу, і Льву Бярынскаму за падрадковыя пераклады з ідыша і іўрыта на рускую мову.

Паэт Рыгор Барадулін (1935—2014)

Аддаючы належнае перакладчыцкаму таленту Давіда Сімановіча, мы ўсё ж засяродзімся на вартасцях бара-дулінскіх перакладаў. Менавіта пераствораная Барадуліным лірыка Шагала не толькі нанова загучала, а і заіграла — адмысловай музыкай тропаў, колерамі алітарацый, пластыкаю ліній-метафар. Беларускамоўны Шагал калі і не аўтэнтычны, то арганічны. І тут не скажаш — на дзіва арганічны. «Беларускасць» шагалаўскай паэзіі, як і яе «габрэйскасць» цалкам натуральная і палягае ў такіх глыбінных пластах ментальнасці двух народаў, што ў гэтую глыбіню і зазіраць вусцішна, не тое што аналізаваць яе прыроду. Зрэшты, падобны аналіз — прывілея гісторыкаў ды этнапсіхолагаў. Мы ж дазволім сабе заўважыць, што генетычна гэтая агульнасць узыходзіць да традыцыйнага беларускага мястэчка. Як аксіёмай скарыстаемся цверджаннем пра фенаменальнасць местачковага полікультурнага і поліэтнічнага свету, пра мястэчка як «унікальную форму спакойнага, талерантнага прадуцыравання і сужыцця некалькіх нацыянальных культур, спецыфічную лабараторыю іх інтэнсіўных узаемасувязей і ўзаемаўзбагачэння»3. У тым ліку — дадамо — узаемаўзбагачэння моўнага, што азначае дыфузію моўнай карціны свету.

Нягледзячы на розніцу ўзроставую і канфесійную, розніцу эпох і біяграфій, Марк Шагал і Рыгор Барадулін «супалі» светапоглядна, найперш, напэўна, таму, што яны — дзеці мястэчка з усімі, так бы мовіць, генетычнымі наступствамі. Мяркуем, ніхто сёння не запярэчыць: хоць Віцебск і не быў мястэчкам на пачатку XX стагоддзя, лад жыцця і традыцыйны побыт віцебскіх габрэяў не адрозніваўся ад, напрыклад, лёзненскага або роднага Барадуліну вушацкага. Паэтыка перадрэвалюцыйнага беларускага мястэчка — дамінантны складнік індывідуальнага стылю Шагала-мастака і Шагала-паэта. Паэтыка перадваеннага беларускага мястэчка вызначыла адзін з асноўных матываў лірыкі Рыгора Барадуліна — матыў «незабыўнай Бацькаўшчыны» У барадулінскім вершы-прысвячэнні «Марк Шагал» словам намаляваны вобраз-месца з шагалаўскага дзяцінства, такі сугучны жывапіснаму вобразу — з гарбатымі дахамі, мураванкамі і бальзамінкамі на падваконнях. Гэты верлібр уяўляецца нам своеасаблівым паэтычным шыфрам, кодам як да ўласна лірыкі Марка Шагала, якую перакладаў Барадулін, так і да яго жывапісу і жыццяпісу:

Жыццё працякала —
І не стараўся
Залапіць гарбаты дах.
Губляў галаву
І не спяшаўся
Яе адшукаць.
Ягоны сусед Макар
Пасвіў цялят
Недзе ў Маркаўшчыне
Ці на Пескаваціку,
А ён пераганяў коз
З Елісейскіх палёў
На Млечны выган.
Козы былі з Віцебска,
Дзе дагэтуль
На глухаватай вуліцы
Чакае яго мураванка
І на падваконні
Гараць бальзамінкі
Зоркамі малалецтва
У цёплым космасе
Незабытай бацькаўшчыны4.

Звернем увагу на барадулінскія разгорнутыя асацыятыўныя метафары, якія размотваюцца, быццам нітка лёсу, і, адначасова, закручваюцца, нібы спіраль сусвету: тут і цякучае, бы дождж праз дах, маё жыццё, і галава, што лётае на пакоі, тут і адсылка да месца, куды міфічны Макар цялят не ганяў — няведамых, чужых земляў, і тапонім Маркаўшчына (на пачатку XX стагоддзя — слабодка, як і Пескавацік), які павязвае запаветную родную зямлю з імем Марка, і тыя ж нязменныя козы, якія імкнуць з Віцебска праз Парыж, дзе ім, пэўна, не хапала прасторы Елісейскіх палёў, на неабсяжны Млечны Шлях, у космас, адкуль так добра відаць праз расчыненыя вокны, што адбываецца на зямлі.

Зямля — неба — Зямля — чалавек — Бог — чалавек — такую мадэль узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці ўсяго існага задае творчасць Марка Шагала. Перакладаючы верш-малітву «Пра гэтую яснасць», Рыгор Барадулін не толькі імкнецца перадаць сутнасць, але і ўзбагаціць яе, кіруючыся асабістым, роднасным бачаннем шагалаўскай асноватворчай мадэлі. Так, у амаль даслоўным перакладзе гэтага верша, зробленым Львом Бярынскім з іўрыта5 (зазначым: Бярынскі рабіў пераклады падрадковыя, фактычна — ad litteram), лірычны герой Шагала дзякуе Богу за яснасць і за спакой, якія Бог памясціў у яго душу. Паводле ж Барадуліна Бог насяліў душу яснасцю і спакоем, то бок душа мастака, творцы — не начынне (сосуд, вместилище), не прыстанак для яснасці і спакою, а іх дом, жытло.

Пра гэтую яснасць

Бог мой, за гэтую яснасць,
якой ты душу маю насяліў,
— Дзякуй.
Бог мой, за гэты спакой,
якім ты душу маю насяліў,
— Дзякуй.
Бог мой, ноч настае,
да світання зводзіць павекі мае,
і я намалюю нанова
табе, Адзіны,
пра зямлю і нябёсы
карціны.

(Пераклад Р. Барадуліна)6

Об этой ясности

Боже мой, за эту ясность, которую Ты поместил в мою душу, — спасибо.
Боже мой, за этот покой, который Ты поместил в мою душу, — спасибо.
Боже мой, ночь приближается. Веки мои опять до утра не сомкнутся,
И опять я буду писать картины для Тебя —
О земле и о небе.

(Пераклад Л. Бярынскага)

У трэціх строфах перакладаў бачым не проста антанімічнае, а канцэптуальнае адрозненне вобразнага сэнсу:

Бог мой, ноч настае,
да світання зводзіць павекі мае <...>.

(Пераклад Р. Барадуліна)

Боже мой, ночь приближается. Веки мои опять до утра не сомкнутся <...>.

(Пераклад Л. Бярынскага)

Барадулін такім чынам надзяляе лірычнага героя вышэйшай здольнасцю да боганатхнёнай творчасці, як разумелі яе антычныя філосафы-ідэалісты7. Маляваць карціны ў сне — як у трызненні або ў стане творчага экстазу, калі свядомасць адключаецца, а душа не спіць, чуняе (што значыць — чуйная да ўсяго, пільная). З аднаго боку, можна палічыць такую інтэрпрэтацыю вольнасцю перакладчыка, з іншага — гэта ці не найлепшае вытлумачэнне псіхалогіі творчасці, таямніцы мастацкага тварэння, якую Барадулін і сам спасцігаў як мастак слова. Адна, здавалася б, маленькая дэталь:

...опять я буду писать картины для Тебя <...>
і
...я намалюю нанова карціны Табе <...>,

а розніцу сэнсаў яна задае асноватворчую. Мастак кожны раз творыць новы свет, новую рэальнасць, нават калі піша копіі са сваіх ці чужых палотнаў. Да таго ж, піша Яму — як лісты, пасланні, ладзячы тым самым прынцыпова іншы тып камунікацыі: «аўтар — адрасат» / «мастак — Бог». Гэта больш, чым мастацкі пераклад, гэта ўзнаўленне і перастварэнне шагалаўскага слова, прачытанне яго не толькі нанова, але і інакш, як толькі і магчыма чытаць/чуць/бачыць сапраўднае мастацтва. Менавіта пра ўнікальную здольнасць Барадуліна «поэтическим чутьём уловить главное в стихах Шагала» пісаў Давід Сімановіч у эсэ «Звенит во мне далекий город»8. Сімановіч, дарэчы, таксама пераклаў «Об этой ясности» паводле падрадкоўніка Бярынскага, пераіначыўшы, як і Барадулін, «Веки мои опять до утра не сомкнутся» на «Глаза закроешь мне // До наступленья дня». Толькі пераклаў сілаба-танічным рыфмаваным вершам, традыцыйным для рускай паэзіі і яго ўласнай творчасці:

Благодарю тебя

Мой Бог, за свет такой,
что ты мне даровал,
благодарю тебя.
Мой Бог, и за покой,
что ты мне ниспослал,
благодарю тебя.
Мой Бог, лишь ночь опять —
глаза закроешь мне
до наступленья дня.
Но буду рисовать
на небе и земле
картины для тебя.

(Пераклад Д. Сімановіча)9

Аднак, мусім заўважыць, у гэтым выпадку твор страціў свой сугестыўны характар, малітоўны пачатак, зададзены свабодным вершам, а таксама шматузроўневым сэнсам загалоўка.

Вылучым яшчэ адно супадзенне ў светапогляднай сістэме каардынат «Шагал — Барадулін», дзякуючы якому Шагал не проста загучаў па-беларуску, а ўвайшоў у кантэкст нацыянальнага слоўнага мастацтва — гэта матыў вяртання. Абодвум мастакам уласціва абвостранае пачуццё настальгіі — і не толькі тугі на родных мясцінах і звязаных з імі перажываннях, але і на родных магілах, побач з якімі хацелася б знайсці супакой. Ключавы вобраз лірыкі Рыгора Барадуліна — мама-радзіма, цэнтр і сутнасць яго паэтычнага і сыноўняга космасу. Жывучы ў Мінску, Барадулін адчуваў сваю папалавіненасць — без мамы і без Вушачы, зноў і зноў звяртаючыся і вяртаючыся да іх вершамі:

Мамы не стала —
Не стала радзімы,
Дзе нарадзіўся старэць,
І падалася душа ў пілігрымы
З мараю маму сустрэць10.

Тоесны матыў далёкага заспакаення, асвечанага памяццю пра маму, гучыць у Марка Шагала:

Когда ты наступишь, мой час,
когда я истаю свечой?
Когда я прибуду к тебе,
далекий мой, дальний покой? <...>
Умершая мама моя,
смотри, как меркнет твой сын,
как солнце заходит мое
в безмолвную темную синь.

(Пераклад Льва Бярынскага)11

Або такі прыклад з Барадуліна:

Вочы твае
Нада мной узышлі
Сузор’ямі цішыні,
Сусветамі дабрыні,
Покуль ёсць яны —
Мне на зямлі
Светла,
мама...12

І з Шагала:

Даже если деревья начинают мне угрожать
и небеса — отдаляться, —
глаза твои все равно смотрят в сердце мое.
<...>.
Улыбка на твоем лице
всё яснее сияет из-за облака — и я тороплюсь
туда, где ты, задумавшись, меня ожидаешь.

(Пераклад Льва Бярынскага)13

У вершах апошніх гадоў у абодвух паэтаў настальгічны матыў узмацняецца прагаю цішыні, спакою — такога Біблійнага, патрыяршага. Мы чуем галасы двух вельмі старых людзей, якім неба ўжо бліжай, чым зямля, і ў яго можна «пайсці пехатою»14. Не магло гэта не адлюстравацца і ў перакладах. Такая роднаснасць мастацкага мыслення, судатыкненне жыццёвай філасофіі дае абсалютнае лучэнне слова аўтара і слова перакладчыка і нараджае паэзію незвычайнай сілы:

Маўчыш ты, ці хочаш, мая краіна,
Каб сэрца маё разламілася, мабыць?
Каб ува мне варыўся няспынна
Агонь,
А табе засталася набыць?
Кроў замроеную табе я
Пашлю, дыханне маё слязою
Сцячэ, паветра блакітна ўднее.
Ляжаць буду ціха вязнем спакою.
Ты крыўду маеш, мая краіна?
Што ў бутлі вада, я перад табою
Адкрыты,
Даўно ўжо ты кінула сына
У чуж-чужыну,
Надзяліўшы тугою.
Спаць вечна прыб’юся да роднага схілу,
І попелам ты мне пасыплеш магілу.15

Магчыма, чуецца ў гэтым звароце голас блуднага сына, але ў хасідскай версіі вядомай біблійнай прытчы, паводле якой бацька пазнае сына на крыку, бо родную мову той забыўся. Крык лірычнага героя Шагала гэтак жа звернуты да зямной краіны з надзеяй, як гук шафара з сінагогі звяртаецца да нябеснага Бацькі ў Судны дзень. Гэта і палкі заклік, і адчайнае, нават роспачнае маленне, і шчырая споведзь. Звернем увагу на непастаянны, быццам надламаны рытм верша. Барадулін перакладае дольнікам, які так любілі сімвалісты і футурысты і традыцыя якога ўзыходзіць да народнага верша, у тым ліку — да замоваў і галашэнняў. На пульсуючы рытмічны малюнак накладваюцца інтэртэкстуальныя метафары, разгадка сэнсу якіх — за межамі верша, у творчасці Шагала, у біяграфіі мастака, у гісторыі краіны і яе народаў. Разломленае на два жыцці сэрца, паўсюднае пажарышча, што стала колерам і знакам яго палотнаў і агнём унутраных пакут, кроў замроеная — зачараваная смерцю (бо Мроя, Мара — багіня таемных і цёмных сілаў), а душа, сумленне сынава — чыстыя, як вада ў празрыстай бутлі... Толькі ў самым канцы верша выроўніваецца рытм, быццам заспакойваецца дыханне. Два заключныя радкі — размераны амфібрахій — ужо не зварот-прашэнне, а ўпэўненае цверджанне лірычнага героя, як апошняе яго слова: «Спаць вечна прыб’юся да роднага схілу, // І попелам ты мне пасыплеш магілу».

«Пераклад — гэта заўсёды стан жывое душы», «найлепшы пераклад маем тады, калі відушчая душа размаўляе роднаю моваю», — пісаў у адной прадмове Рыгор Барадулін16. Каб так пераканаўча перакласці, каб у перакладзеным вершы Шагала колеры загучалі гэтаксама, як гучаць яны ў яго жывапісе, трэба, каб адзін геніяльны паэт пражыў паэзію іншага геніяльнага паэта. І на завяршэнне — яшчэ цытата з Барадуліна: «...у сваіх палотнах Марк Шагал ішоў ад слова. Гэта ж слова задоўга да жывапісу малявала, як хата ідзе, як чалавек губляе галаву, як дождж ідзе, як смяецца сонца. Слова ўсё можа. Ад слова і касмічнае бачанне Марка Шагала»17. Дадамо — ад слова і творчая відушчасць Рыгора Барадуліна.

Примечания

1. Даклад быў прачытаны на XXIV Міжнародных Шагалаўскіх чытаннях у Віцебску 14 чэрвеня 2014 г.

2. Гл.: Симанович Д. «Звенит во мне далекий город...»: поэзия Марка Шагала в русских и белорусских переводах // Пераклад збліжае народы: Матэрыялы Міжнароднага круглага стала. Мінск: Кнігазбор, 2002. С. 7683; Барадулін Р. Радасць бліскавіцы (эсэ). Давіду Сімановічу (вершы) // Барадулін Р. Толькі б яўрэі былі!.. Мінск: Кнігазбор, 2011. С. 43—46, 232—234.

3. Рагойша В. Заходнебеларускае мястэчка як асяродак беларуска-польскага культурнага сумежжа (на прыкладзе Ракава) // На шляхах да ўзаемаразумення. Беларусіка. Кн. 15. Мінск, 2000. С. 62.

4. Барадулін Р. Марк Шагал // Барадулін Р. Толькі б яўрэі былі!... С. 207208.

5. Ёсць сведчанні, што верш «Об этой ясности» быў напісаны Шагалам па-руску, пасля перакладзены на іўрыт і разам з яшчэ 9-цю перакладамі рускамоўных вершаў апублікаваны ў кнізе «Шырым» (падрабязна пра гэта гл.: Беринский Л. О русских стихах Марка Шагала // Шагал М. Ангел над крышами. Стихи. Проза. Статьи. Выступления. Письма. Сост., авт. предисл., комментар., пер. с идиша Л. Беринский. М.: Современник, 1989).

6. Барадулін Р. Марк Шагал // Барадулін Р. Толькі б яўрэі былі!... С. 161.

7. Платон. Избранные диалоги. М.: Эксмо, 2007. С. 182—198.

8. Симанович Д. «Звенит во мне далекий город...»: поэзия Марка Шагала в русских и белорусских переводах. С. 80.

9. Симанович Д. Радость молнии: избранная лирика шестидесятилетия, 1946—2006. Минск: Медисонт, 2007.

10. Барадулін Р. Евангелле ад мамы. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995.

11. Шагал М. Ангел над крышами.

12. Барадулін Р. Белая яблыня грому. Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. С. 67.

13. Шагал М. Ангел над крышами.

14. Адзін з апошніх вершаў Рыгора Барадуліна:


Свой сакрэт у мудрага каўша
Поўнага цудоўнага напою.
Пойдзе беларуская Душа
Да настрою ў неба пехатою.

(Барадулін Р. У неба пехатою. Мінск: Медыял, 2014).

15. Барадулін Р. Марк Шагал // Барадулін Р. Толькі б яўрэі былі!... С. 154.

16. Барадулін Р. Рупіцца пераклад... // Пераклад збліжае народы: Матэрыялы Міжнароднага круглага стала. Мінск: Кнігазбор, 2002. С. 5—6.

17. Барадулін Р. Марк Шагал // Барадулін Р. Толькі б яўрэі былі!... С. 15.

  ??????.??????? Главная Контакты Гостевая книга Карта сайта

© 2019 Марк Шагал (Marc Chagall)
При заимствовании информации с сайта ссылка на источник обязательна.